Сямейнае свята «Татаў дзень — кожны дзень» прайшло на выхадных

Актыўна ўдзельнічаць у выхаванні дзяцей, бавіць з імі вольны час, быць узорам для малых і атрымліваць ад гэтага асалоду — на такія бадзёрыя ідэі і дзеянні натхняе татаў і тых, хто збіраецца імі стаць, дабрачынная арганізацыя «Клуб ільвоў». Чарговае сямейнае свята ў межах акцыі «Татаў дзень — кожны дзень» «ільвы» на выхадных ладзілі сумесна з татамі і дзецьмі з футбольнага клуба «Дынама-Мінск».

Ідэя, да якой імкнуцца ў абодвух клубах, — праводзіць выхадныя разам са сваімі дзецьмі, прычым рабіць гэта актыўна, а не лежачы на канапе. Рэалізавалі гэтую думку праз міні-матчы татаў і дзяцей на стадыёне «Дынама-Юні».

— Гэта той выпадак, калі на працу ў выхадны дзень ідзеш з задавальненнем, — зазначыў Васіль КНЯЗЮК, прэс-аташэ футбольнага клуба «Дынама-Мінск». — Таты адклалі свае тэлефоны і на паўдня цалкам засяродзіліся на дзецях і гульні. Галоўным пры гэтым быў не лік, а ўдалы пас свайму малому. Каштоўнасць шчырых дзіцячых эмоцый і задавальнення пры гэтым вымераць проста немагчыма.

«Таты правялі паўдня разам на эмоцыях з дзецьмі, а не з малатком ці рыдлёўкай, гэта цудоўна. Разам з «Клубам ільвоў» мы ідзем у адну нагу і ў адным кірунку. І такая сумесная акцыя дакладна не будзе апошняй», — дадаў прадстаўнік «Дынама-Мінск».

Ірына СІДАРОК (sіdаrоk@zvіаzdа.bу)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *