Якім павінен быць сапраўдны бацька

«Сям’я і як у ёй уцалець»

У кнізе з такой назвай апісваецца эксперымент над малпачкамі, праз які паказана, як розныя ўмовы выхавання малых уплываюць на іх развіццё і жыццё. Частку малпянят пакінулі з маці, частка падрастала «пад наглядам» лялькі з анучак, якая была вельмі падобная да маці і магла «карміць» малаком. А трэцюю «гадавала» лялька, аплеценая цвёрдым дротам, якая таксама давала малако. Калі падрослых малпачак выпусцілі ў статак, то ўбачылі, што малпы, якія выраслі з мамай, упэўнена занялі лідарскія пазіцыі і рэалізавалі сябе. Тыя, каго выкарміла мяккая лялька, сталі нічым не адметнымі «сераднячкамі», а «выхаваныя» дротам зрабіліся ізгоямі.

З першых жа дзён немаўляты, як і малпачкі, успрымаюць наваколле не праз зрок ці слых, а праз тактыльны кантакт. Нейронная сетка мозга пры гэтым фарміруецца вельмі актыўна. І цёплае жывое цела побач дае пачуццё ўпэўненасці, якое потым становіцца фундаментам для станаўлення будучай асобы. Прыкладна так маладым бацькам на «тата-школах» тлумачаць, як важна быць у жыцці немаўляці з самых першых яго дзён.

— Прыйшоўшы да нас, бацькі пачынаюць разумець, што яны не толькі банкаматы, якія прынеслі грошы ў сям’ю і пайшлі па сваіх справах. Яны ўсведамляюць, што малое ўбірае ў сябе трывожныя эмоцыі маці, калі яна непакоіцца. І гэта адразу адбіваецца на асобе дзіцяці, якое расце ў трывозе і рызыкуе стаць нерэалізаваным чалавекам. Задача сапраўднага мужчыны — ствараць умовы, каб жонка была спакойная, — расказаў Міхаіл Мацкевіч. — Бацька можа дапамагчы жонцы ўжо проста тым, што патрымае немаўля на руках, бо праз гэта дзіця адчуе клопат і спакой. Тата, які з’явіўся ў жыцці малога пазней, ужо не выклікае ў дзіцяці даверу, які фарміруецца з першых дзён жыцця.

Не толькі мама бывае цяжарнай

«Тата-школы» — праект, які распачаўся ў Беларусі ў 2009 годзе ў Мінскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей. Члены рэспубліканскай арганізацыі «Клуб ільвоў» падхапілі эстафету з 2013-га. За гэты час яны дапамаглі больш як 500 бацькам.

— Працу мы пачыналі проста падыходзячы на вуліцы да цяжарных жанчын: расказвалі аб праекце, пыталіся, ці цікава ім даведацца, як будзе развівацца дзіця ў залежнасці ад клімату ў сям’і, і прапаноўвалі паўдзельнічаць. Яны прысылалі да нас сваіх мужоў, — усміхаецца Міхаіл Іванавіч. — Большасць нашых слухачоў і цяпер — гэта «цяжарныя» таты або бацькі немаўлят, якія прыходзяць у роспачы, бо не ведаюць, як сябе паводзіць, як перажыць цяжарнасць жонкі, што рабіць далей. Мы дапамагаем спраўляцца са страхам, што яны не забяспечаць сям’ю, або наадварот, паказваем шкоду гіперапекі над малымі. Змагаемся са стэрэатыпам многіх мужчын, што тата павінен далучацца да выхавання, калі дзіцяці ўжо тры гады споўніцца. Для ўсіх гэтых сітуацый няма і не можа быць гатовых рэцэптаў, і нашы сустрэчы тым і каштоўныя, што ў працэсе абмеркавання пэўных пытанняў некалькімі людзьмі (звычайна група — гэта 5-8 чалавек) мы маем столькі ж мадэляў паводзін. Людзі абменьваюцца вопытам і перажываннямі, гісторыямі з жыцця. І часта аказваецца, што нехта з прысутных трапляў у сітуацыю, якая хвалюе іншага, і ведае выйсце з яе. Такім чынам мы знаходзім унікальныя метады вырашэння праблем і пытанняў. Такіх адказаў не знойдзеш у кнігах ці інтэрнэце, бо мы паглыбляемся ў сітуацыю, а не сузіраем літары.

Гэта як з веласіпедам. Можна доўга чытаць інструкцыю, як на ім ехаць, і нічога не зразумець, а можна проста сесці на яго і паспрабаваць круціць педалі.
Курс у «тата-школах» складаецца звычайна з пяці-шасці сустрэч, што адбываюцца цягам некалькіх тыдняў. Міхаіл асабліва падкрэслівае, што яны не лектары, а папулярызатары здаровых ідэй:

— Шляхам калектыўнага абмеркавання пэўных сітуацый таты вучацца яшчэ лепш узаемадзейнічаць спачатку паміж сабой, а пасля са сваімі блізкімі. Часам рашэнне некаторых праблем узнікае, нават калі іх не агучваюць. Чалавек проста слухае дыскусію і раптам знаходзіць выйсце са сваёй складанай сітуацыі. Мы прагаворваем таксама і паводзіны з дзецьмі пасля скасавання шлюбу, бо ты перастаў быць мужам, але не бацькам.

На свят­ка­ван­ні Дня та­ты «Клуб іль­воў» зла­дзіў «прак­тыч­ныя» за­ня­ткі. Баць­кі ву­чы­лі­ся пра­віль­на тры­маць дзі­ця, па­іць яго з бу­тэ­леч­кі і «ўпа­коў­ваць» у слінг. Хтось­ці трэ­ні­ра­ваў­ся на ляль­цы, а хтось­ці — і на дзі­ця­ці.
На свят­ка­ван­ні Дня та­ты «Клуб іль­воў» зла­дзіў «прак­тыч­ныя» за­ня­ткі. Баць­кі ву­чы­лі­ся пра­віль­на тры­маць дзі­ця, па­іць яго з бу­тэ­леч­кі і «ўпа­коў­ваць» у слінг. Хтось­ці трэ­ні­ра­ваў­ся на ляль­цы, а хтось­ці — і на дзі­ця­ці.

Не апынуцца ў вакууме жаданняў

Ідэю быць клапатлівым і ўважлівым татам Аляксандр Дарковіч выношваў яшчэ да нараджэння дачкі, і цяпер робіць усё, каб удзяляць ёй як мага больш увагі. Віка не ходзіць у садок — бацькі выхоўваюць і вучаць яе дома самастойна.

Аляксандр трапіў на заняткі ў «тата-школу» ў эксперыментальную групу з удзелам жанчын. Там былі людзі з самым розным жыццёвым вопытам. І тыя, хто чакаў першынца, і тыя, хто рыхтаваўся стаць дзедам.

— Мы вельмі добра дапаўнялі адно аднаго, і ўся група хацела працягваць заняткі. Калі яны скончыліся, было такое адчуванне, што нешта ад нас забралі. Так што мы нават аднойчы самі сустрэліся па-за межамі «тата-школы», — смяецца Аляксандр. — Для мяне асабіста гэтыя заняткі падкрэслілі важнасць існавання дыялогу ў сям’і. Кожны павінен гаварыць столькі ж часу, колькі і слухаць. Роўнакаштоўны штодзённы дыялог — гэта пэўная работа, але праз гэта людзі не аказваюцца ў вакууме сваіх жаданняў і надуманасцяў. Думаю, я стаў больш ураўнаважаным, не такім эмацыйным, як раней, калі спяшаўся бегчы і адразу рэалізоўваць усё, што спадабалася.

Запомніў думку, што прагучала на занятках: «Трэба мяняць усё павольна і не рабіць рэзкіх рухаў у сям’і. Гэта павінна стаць не вялікім учынкам, а атмасферай і філасофіяй зносін».
Сям’я Дарковічаў шмат падарожнічае, і пасля «тата-школы» Аляксандр скіраваў гэтую прыхільнасць на карысць дачкі. Ён прапанаваў ёй замест сумных пропісяў пісаць водгукі пра гатэлі, дзе яны спыняліся.

— Да гэтага прыходзілася прымушаць дачку вучыцца па плане, які яна ж сама і складала. Віка ведала, што трэба зрабіць, каб пайсці гуляць. Гэта, вядома, працавала, аднак я бачыў, што дачка не атрымлівала ад гэтага радасці. Прымус — гэта някепска, у прынцыпе, бо дзіця павінна ведаць, што ў жыцці часам прыходзіцца рабіць тое, што не хочацца, — дзеліцца Аляксандр. — Цяпер я бачу, што Віка сапраўды зацікаўлена тым, што робіць. Яна так і задавальненне атрымлівае, і ўрок пісьма адпрацоўвае. Можа нават на вуліцу не пайсці, пакуль не дапіша водгук.

Ёсць у сям’і і свае традыцыі. Калі Віцы споўнілася 4 гады, Дарковічы пачалі праводзіць сямейныя нарады, якія мог склікаць любы член сям’і. Адмовіцца прыйсці нельга. На такіх мерапрыемствах строяцца планы і вырашаюцца пытанні, а галоўнае — гэта вучыць дзіця праяўляць ініцыятыву, упэўнены бацька Вікі.

Рэцэпта няма, але ёсць разуменне

Яўген Жыўлюк пазнаёміўся з дзейнасцю «тата-школ» на адпачынку, зацікавіўся і захацеў стаць лепшым. Тым больш што на той момант ён якраз удзельнічаў у вебінарах, у рамках якіх адбываліся коўч-сесіі па цікавай сістэме «Пяць сфер жыцця»: дзейнічай, камунікуй, жыві, любі і багацей.

— Класічная коўч-сесія — гэта вырашэнне пэўнай праблемы. Табе не кажуць, што рабіць, а накіроўваюць, каб ты сам распрацаваў пэўны алгарытм: зразумеў сітуацыю, ацаніў яе і склаў план дзеянняў па вырашэнні. Прыкладна тое ж самае адбываецца і ў «тата-групах», калі працуюць мадэратар і бацька, — заўважыў Яўген. — Мы практычна ўсё жыццё вучымся, удасканальваем нашу прафесійную частку жыцця, каб забяспечваць сябе і сям’ю. Але часам забываемся на іншыя сферы, бо ў нас няма сямейнай ці бацькоўскай школы.

Падчас заняткаў Яўген злавіў сябе на думцы, што, магчыма, занадта псіхалагічна ціснуў на свайго сына Мішу, выхоўваючы яго. Бацька прапанаваў малому ўспомніць усё, што наабяцана і не выканана, пачаў весці запісы і планаваць сумесныя мерапрыемствы, каб правесці час карысна і цікава.

— Аднойчы мы схадзілі з ім пагуляць у лазертаг. Міша быў адзіным дзіцем сярод дарослых. Адбылося нешта накшталт пасвячэння, калі ён трапіў у дарослы асяродак і стаў там амаль што роўным. Гэта дабавіла яму ўпэўненасці і сталасці. Цяпер мы гуляем раз на тыдзень абавязкова. Для татаў вельмі важна рэгулярна праводзіць час з дзецьмі асобна ад маці, у тым ліку і па-за межамі дома. Чым раней пачынаць рабіць гэта, тым лепш. І жонцы спадабалася, як на мяне паўплывала «тата-школа». Я пачаў рабіць тое, на што раней не звяртаў увагі. Думаю, гэта цудоўны індыкатар выніку заняткаў.

Аляксандр і Яўген настолькі захапіліся ідэяй «тата-школ», што, калі ім прапанавалі схадзіць на заняткі па падрыхтоўцы мадэратараў — вядучых сустрэч, яны пагадзіліся, не раздумваючы. Цяпер Яўген рыхтуецца да сваіх першых заняткаў у новай ролі, а Аляксандр ужо некалькі правёў.

— Абучэнне мадэратара цягнецца ўсё жыццё, бо ў ім сустракаецца безліч сітуацый, што патрабуюць рашэнняў і індывідуальнага разгляду. Вядучы не дае парад і рэцэптаў, як зрабіць, ён накіроўвае, рэгламентуе, дапамагае, і гэта цудоўна, — упэўнены гэтыя бацькі.

Напрыканцы нашай размовы Аляксандр падзякаваў Яўгену за падказку і сказаў, што таксама спытае дачку, што наабяцаў ёй і не выканаў, і складзе спіс. Вось так і дзейнічае «тата-школа».

На­ват ка­лі дзе­ці ў пра­мым сэн­се са­дзяц­ца на шыю, яны ўсё роў­на са­мыя лю­бі­мыя і на­тхня­юць да­рос­лых на подз­ві­гі.
На­ват ка­лі дзе­ці ў пра­мым сэн­се са­дзяц­ца на шыю, яны ўсё роў­на са­мыя лю­бі­мыя і на­тхня­юць да­рос­лых на подз­ві­гі.

5 парад ад татаў, чым заняцца разам з дзецьмі, каб было цікава, незвычайна і карысна:

Катацца на роліках або ровары.
Хадзіць на масаж і ў басейн, лазню.
Гатаваць ежу на вогнішчы.
Займацца экстрэмальнымі (па ўзросце) гульнямі: пейнтболам, лазертагам, скалалажаннем і іншымі.
Глядзець разам добрыя фільмы пра баявое майстэрства з хлопчыкамі, пра маленькіх прынцэс і гаспадынь з дзяўчаткамі.

Источник: http://www.zviazda.by/be/news/20160629/1467219921-yakim-pavinen-byc-sapraudny-backa

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.