Ёсць выслоўе, што лёгка стаць бацькам, але складана быць татам. І ў жыцці, на жаль, не кожнаму дзіцяці шанцуе расці ў поўнай сям’і. Але ж мы добра разумеем, што наяўнасць мамы і таты — гэта той мінімум, на якім грунтуецца ўсё: фарміраванне асобы, наша стаўленне да саміх сябе і да тых, хто побач з намі. Вядома, усведамленне гэтых простых ісцін прыходзіць з узростам. Аднак з самага маленства мы адчуваем, як цёпла і надзейна, а таксама цікава і весела, калі побач абодва бацькі.
Калі важнасць маці для дзіцяці не выклікае сумненняў (бо яна крыніца жыцця — нараджае, корміць, даглядае і г. д.), то роля таты часам трапляе ў цень. Але яго ўнёсак у фарміраванне новага чалавека не менш важны. Нездарма імя па бацьку як дадатак да імені абазначае, чый ты. Здаўна лічылася, што бацька ў сям’і — гэта галоўны чалавек, які задае яе кірунак і правілы жыцця. Так у ідэале, а на практыцы атрымліваецца па-рознаму.
Бывае, людзі бяруць шлюб па каханні і з гатоўнасцю несці адказнасць адно за аднаго і за сваіх будучых дзяцей. І тады мы маем адзін сцэнарый, дзе дзеці бачаць, што такое сям’я. Зусім іншая карціна атрымліваецца, калі жанчына з розных прычын застаецца адна з дзіцем. Сёння многія імкнуцца быць незалежнымі і дэманстраваць «усё сама», таму ім здаецца, што нарадзіць, забяспечыць сябе і дзіця фінансава можна і без бацькі. Аднак, перш чым рабіць гучныя заявы, давайце разбяромся, для чаго ён патрэбны.
Часам стэрэатыпна лічыцца, быццам задача мужчыны, калі ён становіцца бацькам, — забяспечваць жонку і дзяцей. Але на самой справе бацька — гэта, перш за ўсё, мадэль мужчынскіх паводзін у сям’і, якая патрэбна дзіцяці. Напрыклад, псіхолагі адзначаюць, што ва ўзросце ад года да пяці, калі ў малога фарміруецца характар, вельмі важна, каб яму было зразумела, хто ў доме галоўны. Таму трэба дакладна разумець з самага пачатку з’яўлення дзіцяці, хто і за што адказны ў адносінах да яго.
— Мужчына можа быць біялагічным бацькам, але свае функцыянальныя абавязкі, якіх патрабуе сацыяльная роля таты, не выконваць. Абставіны могуць быць розныя — ці ён сам адыходзіць ад іх, ці яму не даюць гэтага рабіць, таму што яго шлюб з маці дзіцяці скасаваны, ці мужчына не жадае падтрымліваць з дзецьмі стасункі. І тады татам ён так і не становіцца. А між іншым, наяўнасць гэтай сацыяльнай ролі вельмі важная для дзяцей. Бо тут праяўляецца здольнасць мужчыны браць на сябе сваю долю адказнасці не толькі ў тым, каб забяспечыць фінансавы дабрабыт малога, але і ў тым, каб выбудаваць з ім уласныя, блізкія і эмацыянальныя адносіны, — кажа псіхолаг Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей Раман КРУЧКОЎ. — Бяда многіх бацькоў у тым, што яны лічаць: як падрасце малое, тады і пачну ім займацца, выхоўваць.
Дарэчы, Раман Уладзіміравіч з’яўляецца каардынатарам беларуска-шведскага праекта «Тата-школа» — ён ужо не першы год аб’ядноўвае мужчын, якія толькі рыхтуюцца альбо нядаўна сталі татамі. Для іх гэта магчымасць абмяркоўваць свае пачуцці ў новай сацыяльнай ролі і лепш арыентавацца ў тым, як правільна рабіць свой важны ўнёсак у выхаванне дзіцяці.
Выбудоўванне адносін у фармаце «бацька—дзіця» аказвае моцны ўплыў на сталенне сына ці дачкі незалежна ад таго, станоўчы ці адмоўны прыклад яны бачаць перад сабой. Роля бацькі пранізвае ўсе патрэбы дзяцей. У прыватнасці, шматлікія даследаванні даказваюць больш гарманічнае развіццё дзіцяці, калі яно расце ў поўнай сям’і і атрымлівае дастаткова любові і прыняцця ад абодвух бацькоў. Тады ў дзетак з большай імавернасцю фарміруецца станоўчая карціна свету. І, адпаведна, у няпоўнай сям’і, дзе вырашэнне ўсіх праблем ляжыць на жаночых плячах, малое тэарэтычна (і практыка псіхолагаў тое пацвярджае) можа недаатрымліваць увагу, што адбіваецца на эмацыянальнай блізкасці. Таму бацьку варта будаваць свае адносіны з сынам альбо дачкой, а не перакладаць іх толькі на маці сваіх дзяцей.
Мужчына з сына выхоўвае мужчыну, дае яму мадэль паводзін. Хлопчык назірае за бацькам, адзначаючы для сябе, чым той займаецца, як паводзіць сябе з маці і іншымі людзьмі, якімі інтарэсамі жыве. І тое, наколькі вобраз перад яго вачыма адпавядае крытэрыям сапраўднага мужчыны, у многім вызначае, які вырасце сын. Дзяўчынцы бацька дае прыклад таго, як ёй будаваць узаемаадносіны з супрацьлеглым полам. Тата аказвае вялікі ўплыў на самаацэнку дачкі сваёй любоўю і прыняццем яе. Чым мацнейшая сувязь з бацькам, тым большая імавернасць, што ад яго дзеці возьмуць за арыенцір мадэль паводзін у сям’і, вызначацца для сябе з каштоўнасцямі і інтарэсамі. А ўсім астатнім мы абагачаемся ўжо ў працэсе сацыялізацыі.
Калі дзіця не мае перад вачыма прыкладу бацькі, то пачынае прыдумваць для сябе яго вобраз. Шукае яго сярод тых мужчын, якія ёсць сярод родзічаў, настаўнікаў… Трэба знайсці адэкватную ралявую мадэль. Але ўсё ж такі нават у гэтым выпадку губляецца вельмі важная база, якую можа даць толькі бацька. Бо ён — гэта той, хто заўсёды побач, хто абароніць, падкажа. І адносіны дзіцяці з родным і блізкім чалавекам зусім іншыя, больш асабістыя.
Добры прыклад мужчынскіх паводзін, нават з боку, лепшы, чым увогуле яго адсутнасць. Таты можа не быць побач з дзіцем па розных прычынах — скасавалі шлюб, разышліся, бо мужчына аказаўся не гатовы да новай ролі, альбо наогул ён загінуў. І кожны з варыянтаў ставіць маці перад няпростым пытаннем: як правільна растлумачыць дзіцяці адсутнасць бацькі? Псіхолаг у гэтым выпадку раіць не браць на сябе адказнасць, не падманваць дзіця, бо яно заслугоўвае права ведаць, што адбываецца ў сям’і. Малому неабходна ўпэўненасць, што яго патрэбы ў бяспецы і блізкасці задавальняюцца, для яго вельмі важная прысутнасць абодвух у яго жыцці.
Варта памятаць і тое, што вашы дзеці — гэта не спосаб зрабіць балюча іншаму. Па-сапраўднаму дарослыя і псіхалагічна сталыя людзі здольны вырашаць усе пытанні і праблемы паміж сабой, не ўцягваючы ў свае разборкі дзіця. Калі бацька праяўляе ініцыятыву і імкнецца не траціць сувязі з дзецьмі, то падтрымайце яго. Але калі мужчына не жадае быць бацькам, то не марнуйце сілы і час на тое, каб перайначыць дарослага чалавека.
Алена Спірыдовіч, тэлевядучая:
— Я заўсёды была татава дачка. І мае самыя яркія ўспаміны з дзяцінства — гэта калі я гадзінамі знаходзілася ў бацькавай грымёрцы… Татава грымёрка, гастролі з тэатрам — вось чым я жыла, пакуль іншыя дзеці, напрыклад, летам адпачывалі ў лагеры. Раней была такая традыцыя, што адзін з мінскіх тэатраў ехаў на месяц з паказамі спектакляў у нейкі раённы цэнтр. Там мы жылі ў гасцініцы і вечарамі ездзілі ў саўгасы ці калгасы, дзе трупа давала спектакль. Ці трэба казаць, што я іх усе ведала на памяць і адчувала сябе часткай трупы… Альбо вось яшчэ важны перыяд — падлеткавы ўзрост. Я тады, мабыць, і характар часам праяўляла, аднак у адносінах з бацькам у нас заўсёды былі гармонія і паразуменне. Памятаю, неяк ён сказаў мне: «Мужчыны заўсёды будуць ставіцца да цябе так, як ты ім дазволіш». І я зразумела і менавіта так усё жыццё сябе паводзіла. У мяне ніколі не ўзнікала непаразуменняў з мужчынамі. Такі вось бацькоўскі ўплыў. Я і да сёння татава дачка, і недзе падсвядома па жыцці мне важныя яго аўтарытэт, адабрэнне і давер. Мой бацька для мяне — прыклад неверагоднага аптымізму. Ён спявае, калі ў яго добры настрой. Побач з ім заўсёды толькі добрыя людзі. Бацька не ўмее казаць прыгожых слоў, але яго натуральнасць, шчырасць і адданасць — гэта тое, чым я захапляюся. У яго неверагодная інтуіцыя да праўды, але ён ніколі не асудзіць і не будзе вучыць некага жыць. Я ўсё гэта ведаю, бо гляджу, як ён жыве. Не скажу, што яму ўсё проста давалася, аднак тата ніколі не скардзіўся. Што датычыцца яго адносін з мамай, то тут ён проста знайшоў адзіную жанчыну на ўсё жыццё… І я ведаю, што з бацькам мы зможам пераадолець любыя цяжкасці. Таму вельмі цаню той час, пакуль мы разам.
Георгій Калдун, тэлевядучы, спявак:
— Для сябе я выдзяляю некалькі кірункаў, дзе бацька аказаў на мяне вялікі ўплыў. Найбольш прадукцыйны час нашых зносін прыпаў на маё дзяцінства і школьныя гады. Мы заўсёды былі разам. Бацька быў вельмі начытаны, таму менавіта ён фарміраваў мой багаж ведаў і мысленне працяглы час. Я, магчыма, нават на геаграфічны факультэт паступіў таму, што там вучыліся мае бацькі. Вучыцца ў бацькі было заўсёды цікава і весела. Я часта, калі быў маленькі, сядзеў у яго і ў мамы на ўроках. Памятаю, напрыклад, калі дзеці пісалі кантрольную, тата ўключаў ім «Бітлз» на бабінным магнітафоне. І цяпер некаторыя веды — гэта менавіта той яго ўнёсак у мяне… Другі важны для мяне момант — літаратура і пачуццё гумару. Мой бацька шмат чытаў і ўмеў і мяне зацікавіць кнігай. Памятаю, ён сядзеў у пакоі, чытаючы Ільфа і Пятрова, і смяяўся. На маё пытанне, што там смешнага, прапанаваў мне самому даведацца. Я, прачытаўшы некалькі старонак, не адчуў весялосці, а тата мне сказаў: «Няўжо ты думаеш, што будзе весела з першых радкоў?!» Тады я зразумеў: для дасягнення выніку, для разумення сітуацыі заўсёды патрэбны высілкі.
Важны для мяне быў і яго ўплыў у музыцы. Дзякуючы бацьку і яго густу я рос у свеце найлепшых музычных твораў тых часоў. У таты была вялікая фанатэка, і ён умеў знаходзіць і адбіраць лепшае сярод лепшага… Пасля таго як мае бацькі вырашылі разысціся, я застаўся жыць з татам у той жа кватэры. Але падтрымліваў адносіны ў роўнай ступені і з ім, і з мамай. Я не ідэалізую бацьку, бо ў кожнага свае недахопы і моцныя бакі. Але вельмі ўдзячны яму за ўсё, што паспеў узяць ад яго, калі ён быў побач.
Міхаіл Зуй, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы:
— Бацька для мяне — гэта словы, парады і веды. Спачатку ты ім супраціўляешся, спрачаешся, а з часам разумееш перавагу сказанага. Асабіста для мяне тата — той чалавек, на падтрымку і дапамогу якога я магу разлічваць у любой сітуацыі. Менавіта таму я цяпер імкнуся знайсці агульныя інтарэсы з сынам, каб разумець, чым ён жыве і як думае. Гэта дае нам агульныя тэмы для размоў.
Безумоўна, бацька заўсёды аказвае ўплыў на фарміраванне свайго дзіцяці. І адбываецца гэта не праз словы, а праз той прыклад, які мы бачым перад сабой. Можна проста разам праводзіць час і нават не размаўляць, але адчуваць, што вы блізкія людзі. Многім рэчам ты навучышся ў бацькі, таму што ён будзе адзіным прыкладам перад тваімі вачыма. Я сам, паколькі ўжо стаў бацькам, калі-нікалі думаю пра тое, наколькі важныя мае паводзіны, таму што яны ў любым выпадку знойдуць адлюстраванне ў жыцці маіх сына і дачкі… Думаю, што сувязь і тыя адносіны, якія дзіця выбудоўвае з бацькам, ніхто і нішто не можа замяніць. І калі ў гэтым сэнсе ты нейкія рэчы (напрыклад, пахвала, прыняцце цябе такім, які ты ёсць) не атрымліваеш, то потым будзеш шукаць іх у жыцці ў іншых формах. А калі табе хапіла любові і блізкасці, значыць, ты маеш вельмі важны падмурак для жыцця.
Источник: http://zviazda.by/be/news/20200415/1586959556-byc-tatam-rolya-drugoga-plana